Антон Алешка


АНАТОМІЯ


Я вытрымаў іспыты ў інстытут.

Пагуляў дома дзён дзесяць і з Аркадзем, які вучыўся ў гэтым жа інстытуце, дамовіўся ехаць на некалькі дзён раней. Разлік быў просты — зараней заехаць і пасяліцца ў самым лепшым пакох інтарната, адпачыць. Так і зрабілі.

Прайшла ноч у дарозе, а на другую ў самую поўнач дайшлі мы да студэнцкага гарадка. У поцемках шумеў дождж і дзьмуў цёплы парывісты вецер.

Пастукалі ў дзверы заспанага інтэрната. Выглянуў вартаўнік. Ён пазнаў Аркадзя, хутка надзеў шапку і дапамог ўнесці клумкі..

Быў позні час і начавань парашылі ў пакоі адпачынку, куды прынёс вартаўнік два сяннікі. Ён крыху пагутарыў з Аркадзем, выключыў святло. Я знябыўся ў дарозе і, калі толькі накрыўся коўдраю, мяне адразу змарыў сон. Раніцою з клумкамі пайшлі на другі паверх, дзе выбралі сабе пакой. Тут было чатыры ложкі і тры сцяны, старанна выбеленыя. Чацвертая, амаль што цалкам шкляная, выходзіла на шырокі пляц гарадка. На тумбачках схіліліся два фікусы, лапушыста пусцілі густа-зялёнае лісце. Вось і ўсё, што было ў нашым пакоі. Размясціліся, расставілі мэблю і Аркадзь пайшоў у інстытут па сваіх справах. Я застаўся з новымі суседзямі. Прыглядаўся, слухаў, што гавораць і гартаў тоўстыя кніжкі, што ляжалі цэлай кучай на стале. Каля акна стаяў нявысокі ў клетчатай кепцы і такім жа пінжаку смуглявы, з худым тварам і маленькімі, як булаўка вочкамі — Пятрусь, ці як яго называў Аркадзь — Пека. Каля дзвярэй у чамадане нечага шукаў другі — Алег. Ён — доўгі, неаформлены, з крываватымі нагамі. Твар чырвоны, ну так, як гавораць у нас, проста вылізаны. Лоб блішчэў. Шчокі ўздуваліся, а тонкую шыю абвіваў сіні ў чырвоную палоску гальштук. Алег не спадабаўся мне, не ведаю чаму.

— Закусім, Пека,— звярнуўся ён да Пятруся.

Той бліснуў белымі зубамі, буркнуў, глянуўшы ў акно яшчэ раз.

— Не пашкодзіць...

Яны селі есці. Я тым часам лёг на ложак адпачыць. Глядзеў праз шырокія шыбы акна на двор, дзе шэрань хмар клубілася на ветры і ледзь не заснуў. Нехта пастукаў у дзверы. Алег крыкнуў:

— Можна!..

Калі скрыпнулі дзверы, я ўбачыў, што Алег прыкметна пачырванеў, апусціў вочы і перастаў есці памідоры. Я павярнуўся на другі бок. У пакой зайшла дзяўчына. Яе я не бачыў, а чуў толькі голас. Дзяліліся яны паміж сабою ўражаннем аб адпачынку, шмат аб кім гаварылі, але я нікога не ведаў. Дзяўчына часта смяялася звонкім гарлавым голасам, і мне думалася, што яны вельмі шчыра сябруюць. Крэсла заскрыпела і да ложака нехта ступіў.

— А гэта хто? — пачуўся голас дзяўчыны.

Я павярнуўся і расплюшчыў вочы. Насупраць стаяла стройная, у сіняй сукенцы студэнтка. Hoc тонкі, губы чырвоныя; і танклявая белая шыя хавалася пад каўняром, перавязаным наперадзе бантам. Вочы чорныя, горача-неспакойныя, нібы прыкалолі мяне да пасцелі. Я не варухнуў ні адной часткай свайго цела, любаваўся ёю ўкрадкай. Коратка абстрыжаныя валасы звіліся ў адзін клубок. Была яна струкаватая, як баранчык.

— Будзь знаёма... Брат Аркадзя... — прыплюшчыў і да таго малыя кропкі вачэй Пека, размашыста адвёў руку ў мой бок. Я нічога не сказаў на тое, што Пека схлусіў і паспешна ўстаў. Яна пільна паглядзела мне ў твар і, зразумела, я не вытрымаў. Пачуў толькі, што сказала, працягнуўшы мне руку.

— Нэя...

Я адышоўся да акна.

— Які няветлівы. А Лёня яшчэ. У мяне так брат завецца,— з усмешкаю закончыла яна.

У той жа вечар мы сядзелі з Аркадзем у кіно і я распытваў у яго пра Нэю. Аркадзь гаварыў аб ёй, як аб чулым сябру і актыўнай комсамолцы. Даруйце, не сказаў я, што Аркадзь у інстытуце быў сакратаром комсамольскай арганізацыі факультэта і безумоўна работу яе ведаў. Прыемна было слухаць, што такая прыгожая дзяўчына, як Нэя, і ў вучобе, і на грамадскай рабоце — амаль першая ў інстытуце. Шмат чаго мне сказаў Аркадзь. Мы выходзілі з кіно і ён між іншым паведаміў, што ўжо амаль два гады, як за ёю ходзіць наш Алег. Я не даходзіў, як яна на гэта рэагуе. Адразу знікла ахвота гаварыць аб Нэі і яе асляпляючая прыгажосць зрабілася прыкрай. Адбылося гэта ў момант. Усё, што вырасла за цэлы дзень і тое, што было афарбавана ў думках ружовым ко­лерам, як кажу, вылецела і мне стала нядобра.

Ужо пад'язджалі да свайго гарадка. На стыках вагон гойдаўся і вельмі гудзеў. Я пазіраў на потную шыбу, думаў: „Няўжо яна гуляе з такім хлапчуком?" Усё яшчэ здавалася, што гэта не так. Глянуў на Аркадзя, стаяўшага побач. „Не хлусіць ён. Ведае як было. А я ўсякае магу ў думках гадаць пра чалавека". Шкада было толькі аднаго: які я ўсё ж чалавек? Толькі ўбачыў Нэю і ў адзін момант у лятуценнях намаляваў яе як найчысцейшую істоту, ідэал, да якога павінен цягнуцца. Ды памыліўся. У другі момант быў я задаволены, што гэта так. Супакоіўся і сказаў сабе, што, перш чым зрабіць той альбо іншы вывад аб кім-небудзь, трэба быць больш уважлівым, умець назіраць.

Праз тыдзень-другі ў інстытуце, на практычных занятках, нас мусілі асістэнты выклікаць і ў свае запісныя кніжачкі ставіць нейкія адзнакі. Па адказах студэнтаў мы хутка здагадаліся, што азначаюць кручкі, коскі...

За вучобу ўзяліся доўжна, з агнём. Асноўным у нас была анатомія. У анатамічны інстытут ішлі пасля лекцыі, праводзілі там увесь час, амаль да познае ночы. Я паволі прывыкаў да наўкольнага. Бывала выйду на вуліцу, здаецца і над зялёнымі дрэвамі сквера пахне фармалінам.

Нараджаліся розныя думкі і здавалася, што я не вытрымаю. Увечары гаварыў з Аркадзем. Ён з захапленнем расказваў аб медыцыне і раіў не думаць нават пра пераход у другую навучальную ўстанову. Так і прывыклася. Аднойчы вышаў я з секцыйнай залы і спыніўся ў файе. Пазнавата ўжо было. Люстры ярка асвятлялі вітыя сходцы ўніз. Паўз сцяну, так у рост чалавека, прыбіты быў абшлаг і насаджаны кветкі. Рознакаляровы шнур кветак спускаўся ўніз да парадных дзвярэй. Крыху вышэй віселі партрэты ў адзін рад, пачынаючы ад міфічных лекараў, ад аснавапаложнікаў медыцыны — Гіпакрата, Арыстотэля. Цягнуўся шэраг сусветных свяціл аж на другі паверх і канчаўся сучаснымі. Некаторыя з іх памерлі нядаўна. Вунь самы апошні партрэт акадэміка Іосіфава — буйнейшага анатома і знатака лімфатычнай сістамы. Толькі два гады, як яго голас замоўк на гэтай кафедры. А яшчэ вышэй, уваходзячага вітаў плакат, напісаны па латыні: „mortui docent vivatu" — „мёртвы вучыць жывога". Студзнты разумелі плакат гэты інакш і перакладалі па-свойму: „Мёртвы вучыць дацэнта".

Пускаў дымок цыгаркі і думаў я, ці за сваю справу ўзяўся, прышоўшы ў гэты анатамічны корпус, ці выйдзе што з мяне? Вастрыня гэтых пытанняў згладзілася пад уплывам на мяне з боку Аркадзя, але, калі заставаўся адзін, яны пачыналі пакрысе зноў паўставаць. У гэты час я перажываў такі момант, калі перад чалавекам адчыняць усе таямніцы і пакажуць, што ён значыць. Чалавек не паверыць сваім вачам. Напрыклад, я раней думаў зусім іншае аб уласнай руцэ, а гэта, калі паглядзеў яе анатомію — усё неяк упрасцілася, а можа нават і складаней стала.

Гэта неясна яшчэ акрэслілася ў маёй свядомасці. Пачуў, як унізе нехта ішоў наверх. Ходзіць людзей тут многа і я не звярнуў увагі. Азірнуўся тады, як да мяне звярнулася дзяўчына. Гэта была Нэя. Яна ціснула маю руку, пыталася, ці бачыў я яе таварышку і прозвішча сказала, а я не ведаў. Не цікавіўся больш. Я зараз мог лепш разгледзець Нэю, таму што яна спынілася насупроць і нечага пазірала ўніз.

Бровы ўзмахнуліся двума тонкімі палоскамі.

Яна гібкая, як каліна, павярнулася перада мною, паглядзела пільна, не маргнуўшы. Для мяне гэта нічога не значыла. Я спакойна пазіраў на яе. Мне хацелася ледзь-ледзь дакрануцца да кучаравых валасоў, прыхіліць яе да сябе. Чаму было такое жаданне — я не ведаю. Скажу: да Нэі я нічога не меў. Глядзеў на яе гэтак, як глядзіць экскурсант на мрамарную Венеру. Ён дзівіўся мастацтву чалавека, які здолеў сабраць усё прыгожае ў адну асобу, не больш.

Нэя не вытрымала майго погляда, апусціла вочы.

— Анатомію вучыш? — запыталася яна.

— Вучу пакрыху.

— Адзін вучыш?

— Яшчэ не прыбіўся да кампаніі, так што адзін.

Нэя казала, што анатомію вучыць аднаму цяжка, што трэба гуртком, у тры-чатыры чалавекі разабраць тэму, пасля давучваць кожнаму асобна. Я адказваў, як мог:

— Што зробіш — адзін. Я ўсё адзін. Нарадзіўся таксама адзін.

Яна ўсміхнулася на мой не вельмі ўдалы жарт, паглядзела яшчэ раз уніз.